ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,
з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы (эрс індукцыі) у праводным контуры, які знаходзіцца ў пераменным магн. полі або рухаецца ў пастаянным магн. полі. Эл. ток, выкліканы эрс індукцыі, наз. індукцыйным. Адкрыта ў 1831 М.Фарадэем.
Паводле закону Фарадэя эрс Э.і. εi = −dΦ/dt, дзе dΦ — змена поўнага магнітнага патоку праз плошчу контуру за час dt (dΦ/dt — скорасць змены магнітнага патоку). Знак мінус вызначае напрамак індукцыйнага току ў адпаведнасці з Ленца правілам. У больш агульным сэнсе Э.і. вызначаецца як узнікненне пераменнага ў прасторы (т.зв. віхравога) эл. поля пры змене магн. поля ў часе, што адлюстравана ў 1-м Максвела ўраўненні. Э.і. шырока выкарыстоўваецца ў электра- і радыётэхн. прыладах і прыстасаваннях (генератарах, дроселях, трансфарматарах і інш.).
т. 18, кн. 1, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)